На ПдУ Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1 тыс.км2. Нас. 18,6 тыс.чал. (1998), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км2. Цэнтр — г.п.Лоеў. Уключае 80 сельскіх нас. пунктаў, 9 сельсаветаў: Бывалькаўскі, Карпаўскі, Каўпенскі, Малінаўскі, Пярэдзелкаўскі, Ручаёўскі, Страдубскі, Сяўкоўскі, Уборкаўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, знаходзіцца ў зоне пастаяннага радыяцыйнага кантролю.
Тэр. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня плоская, 90% яе на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 148,5 м (за 4 км на ПдЗ ад в. Бывалькі). Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, вохра і вохрыстыя гліны, гліны тугаплаўкія, гліны і суглінкі легкаплаўкія, буд. і шкловыя пяскі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C., ліп. 19 °C. Ападкаў 571 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб. рака Дняпро з прытокамі Сож, Брагінка, Песачанка. На р. Брагінка Дняпроўска-Брагінскае вадасховішча. Невял. азёры ў даліне р. Дняпро. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя (42,7%), дзярнова-падзолістыя (25,3%), поймавыя (алювіяльныя, 13%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8%). Пад лесам 33,6% тэрыторыі, з іх 62,4 % штучныя насаджэнні. Найб. плошчы лясных масіваў на ПдЗ, у міжрэччы рэк Дняпро і Сож. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і дубовыя. Пад балотамі 2,8% тэрыторыі. Помнікі прыроды: рэсп. значэння Лоеўскае геалагічнае агаленне, мясц. — дубровы Міхалёўка, Свіраж, Вербуж і Суткоўскі парк.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 50,3 тыс.га, з іх асушаных 17,4 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 6 калгасаў, 6 саўгасаў, 12 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна- і конегадоўля. Вырошчваюць збожжавыя культуры, кармавыя травы, бульбу. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў і харч. прам-сці. Райцэнтр звязаны аўтадарогамі з Рэчыцай і Брагінам; суднаходства па рэках Дняпро і Сож. У раёне 9 сярэдніх, 6 базавых, 2 пач., 2 муз. школы, вучэбна-вытв. камбінат, Лоеўскае пед. вучылішча, 14 дашкольных устаноў, 27 дамоў культуры і клубаў, 30 б-к, 5 бальніц, 18 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом (19 ст.) у в. Пярэдзелка. Выдаецца газ. «Серп і молат».